-

Помимо медицины нигде себя не представляет фельдшер из Ситково

  • 08 дек, 2025

«Сіцькоўскі фельчарска-акушэрскі пункт». Гэта адзіны запіс у працоўнай кніжцы фельчара Алены Шыпіла. За сваю дзейнасць, якая перавышае сорак гадоў, ёй давялося змяніць два будынкі, мяняліся ўмовы працы, расла тэрыторыя абслугоўвання. Заставалася нязменным адно – любоў да медыцынскай справы.

– Я з дзяцінства любіла медыцыну. Вельмі падабаўся белы халат, заўсёды гуляла з бутэлечкамі ад лекаў, баначкамі ад таблетак, ставіла ўколы і лячыла лялек. Напачатку хацела стаць фармацэўтам, але не атрымалася. Паступіла ў Полацкае медвучылішча на фельчара, скончыла яго. Вось так і адпрацавала сорак адзін год. У іншай сферы сябе нават не ўяўляю, – дзеліцца Алена Шыпіла.

У Сіцькова ўраджэнка Завуццеўскага сельсавета прыехала пасля заканчэння вучылішча па размеркаванні. Яскрава памятае свой першы рабочы дзень – 1 красавіка 1984 года. Маладога спецыяліста сустрэлі загадчыца

ФАПа Сафія Панкрат і дырэктар гаспадаркі Юрый Скавародка. Сафія Лявонцьеўна знаёміла з людзьмі і іх гісторыямі хваробы, расказвала, як рабіць справаздачы, а Юрый Міхайлавіч выдзеліў жыллё, дапамог абуладкаваць яго. Уразілі адносіны людзей – добразычлівыя і ўважлівыя, а таксама фронт работ. Адпачываць было некалі.

– На маім абслугоўванні былі вёскі Сіцькова і Папшулі. Адных дзяцей да года больш за 20. Усіх трэба агледзець, зрабіць прышчэпкі ў тэрмін, – узгадвае суразмоўніца. – Сумаваць некалі было. Да таго ж штомесяц выступала на сходах жывёлаводаў і механізатараў на розныя тэмы – прафілактыка прастудных і сардэчна-сасудзістых захворванняў, алкагалізму і г. д. Аднойчы нават давялося прымаць роды. Пакуль хуткая прыйшла, мы ўжо нарадзілі і спавілі дзіця.

Сёння ў зону абслугоўвання Алены Шыпіла ўваходзіць і Мікалаёва – усяго каля 400 жыхароў. Самая галоўная праблема, па яе словах, даказаць чалавеку, як важна прайсці дыспансерызацыю. На жаль, не ўсе адказна ставяцца да свайго здароўя, разам з тым падчас гэтай кампаніі выяўляюцца многія рызыкі, дзякуючы чаму можна папярэдзіць хваробы. Сёлета прайшлі дыспансерызацыю 90,6 % вяскоўцаў, у чатырох з іх дыягнаставалі цукровы дыябет. 41 % жыхароў участка зрабілі прышчэпку ад грыпу, і гэта таксама заслуга спецыяліста.

Размаўляем з Аленай Пятроўнай на яе рабочым месцы на ФАПе. На гадзінніку крыху больш за 10.00, а сюды ўжо наведалася каля дзесяці чалавек. Прыходзяць паслухацца, прызначыць лячэнне, набыць лекі і проста параіцца. Сярод іх пенсіянерка Раіса Шымуковіч.

– Фельчар у нас выдатны, спецыяліст класны – лепш за любога доктара! Такіх, як яна, больш няма. Усё ведае, ва ўсім разбіраецца, заўсёды дапаможа, – заўважае Раіса Аляксандраўна. – І так мяркуюць пра яе ўсе. Чула толькі самыя лепшыя водгукі ў яе адрас. І гэта не проста словы.

Медыцына і ў прыватнасці лячэнне не церпяць перапынкаў, лічыць фельчар. Заўсёды прыйдзе на работу і ў выхадныя, і ў святы, каб паставіць укол пацыенту. З усмешкай заўважае – Я проста люблю сваю работу, люблю дапамагаць людзям.

Да пацыентаў з аграгарадка Мікалаёва і яго ваколіц наведваецца на веласіпедзе. Часам маршрут перавышае дваццаць кіламетраў, аднак Алена Пятроўна ўпэўнена, што такім чынам паказвае вяскоўцам прыклад, як весці здаровы лад жыцця. Па яе прапанове нямала жанчын сталі здзяйсняць прагулкі перад сном, займацца гімнастыкай. Пастаянная ўмераная фізічная актыўнасць папярэджвае хваробы. Таксама раіць адмовіцца ад шкодных звычак, выконваць рэжым працы і адпачынку. Памяркоўна ставіцца медыцынскі работнік да народных метадаў лячэння. Лічыць, што куркума, лаўровы ліст, травяны чай з лімонам прыносяць карысць арганізму і ўмацоўваюць імунітэт. У сезон прастуд дапамогуць цыбуля і часнок, калі няма праблем са страўнікава-кішэчным трактам. І, канешне, варта адмовіцца ад наведвання людных месцаў.

Фельчар заўважае, што яе акружаюць добрыя людзі, прафесіяналы сваёй справы.

– Прыязджае раз на месяц урач з Дзісны Дар’я Косціна, кампетэнтны спецыяліст. У мяне заўсёды былі найлепшыя санітаркі, мы і цяпер сябруем. Сёння дапамагае падтрымліваць чысціню на ФАПе Святлана Глебка.

Разам з калегай клапоціцца і пра парадак на тэрыторыі. Побач з ФАПам у летні сезон буяюць кветкі, яшчэ больш іх ля дома. Каля 50 кустоў вяргіняў, мноства бальзамінак прыцягваюць увагу мінакоў, з імі просяць сфатаграфавацца. Яшчэ ў ліку асабістых захапленняў чытанне кніг.

Разам з мужам Іосіфам Іосіфавічам вядуць падсобную гаспадарку, трымаюць карову і курэй. Чакаюць у госці дзвюх дачок і паўтарагадовага ўнука Максімку.

На пытанне пра вольны час Алена Пятроўна парыруе:

– Ужо цяжка спраўляцца з усімі надзённымі справамі. Трэба збаўляць тэмп.

І ўздыхае, бо разумее – па-іншаму не прывыкла.

«Миорские новости»

Top
We use cookies to improve our website. By continuing to use this website, you are giving consent to cookies being used. More details…