-

Акушерка Светлана Сипавичус работает в Миорской ЦРБ с 2001 года

  • 06 мая, 2026

Акушэрка Святлана Сіпавічус лічыць, што ёй пашчасціла працаваць у радзільным аддзяленні Міёрскай ЦРБ. Прыехала сюды па размеркаванні ў 2001 годзе, месца працы з таго часу не змяняла.

Кім заўгодна, але толькі не медыкам бачыла сябе Святлана ў юнацтве. Настаўнік, псіхолаг, швачка, кравец і шэраг іншых прафесій разглядала ў якасці варыянта.

– Пра тое, што мне трэба быць медработнікам, увесь час гаварылі бацькі. Не ведаю, чаму яны так лічылі. Можа быць, з-за майго спакойнага і добразычлівага характару, – разважае суразмоўніца. – Паступіла ў медкаледж у Полацку на спецыяльнасць «сястрынская справа». Падчас вучобы перавялі на «фельчарска-акушэрскую справу», праходзіла па балах. Родам я з Шаркаўшчыны, а размеркаванне атрымала ў Міёры. Пашчасціла трапіць у радзільнае аддзяленне.

Як заўважае Святлана, з першых дзён работы адчувала сябе ўпэўнена, бо ў каледжы атрымала грунтоўныя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі. Сотні немаўлят прыняла за гады працы і разам з тым адзначае, што кожныя роды – гэта асобная гісторыя. Па-ранейшаму з’яўленне на свет немаўлят выклікае пяшчоту ў яе душы і слёзы радасці ў вачах.

Маладых маці Святлана вучыць спавіваць дзетак, правільна прыкладаць да грудзей, гатаваць сумесі для кармлення.

– Цяпер ужо ні ў якай справе, акрамя акушэрства, сябе не ўяўляю. Можа быць, магла б фельчарам на «хуткай» працаваць. А вось весці прыём з урачом зусім не маё. Мне патрэбны стасункі з пацыентамі – заўважае акушэрка вышэйшай катэгорыі. – На роды ў Міёры едуць матулі з Глыбокага, Браслава, Шаркаўшчыны. Просяцца да нас, бо тут у параўнанні з Наваполацкам, дзе вялікі паток пацыентаў, больш увагі кожнай жанчыне.

Сваіх дачку і сына Святлана таксама нараджала па месцы працы. З усмешкай заўважае, што нават сама камандавала працэсам. Дзеці ўжо дарослыя. Дачка выкладае анлайн, сын служыць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Муж і дзеці штораз віншуюць з прафесійным святам. Атрымлівае віншаванні ад калег, а яшчэ ад матуль, чыім дзеткам дапамагала з’явіцца на свет.

Миорские новости

Top
We use cookies to improve our website. By continuing to use this website, you are giving consent to cookies being used. More details…