Для ўдзельніц падрыхтавалі насычаную праграму. Яна ўключала выязны майстар-клас па пляценні вяночкаў з палявых кветак, што дазволіла акунуцца ў старажытны абрад, які сімвалізуе маладосць і надзею. Адмыслова быў распрацаваны займальны Купальскі квэст, падчас якога ўдзельніцы праверылі свае веды аб лекавых травах Беларусі і пазнаёміліся з іх уласцівасцямі.
Удзельнікі свята пазнаёміліся з багатай гісторыяй Купалля, яго абрадамі і вераваннямі. Самыя ўважлівыя, збіраючы па кавалачках карту, змаглі знайсці міфічную Папараць-кветку, што прынесла нямала радасці і весялосці.
Як адзначыла старшыня прафсаюзнага камітэта бальніцы Наталля Варанцова:
– Купалле – гэта наш генетычны код, сувязь з продкамі і магчымасць адчуць прыгажосць роднай зямлі. Гэтыя традыцыі вучаць нас шанаваць прыроду, адзінства і нагадваюць, што мы існуем, пакуль памятаем свае карані. Такія мерапрыемствы не толькі аб'ядноўваюць калектыў, але і даюць магчымасць адпачыць душой, набрацца сіл і захаваць наша культурнае багацце.
Купалле – найстаражытнае свята, якое адзначалі ў перыяд летняга сонцастаяння, калі росквіт прыроды дасягае найвышэйшай кропкі. У падзяку за падарункі жыцця, як раз перад жнівом, людзі святкавалі яднанне з прыродай, варажылі і загадвалі жаданні аб лепшай долі. Гэтае мерапрыемства стала яркім пацверджаннем таго, што памяць аб сваіх каранях жыве і перадаецца з пакалення ў пакаленне.


